24 Красавік 2025

Адпачынак дзяцей павінен быць бяспечным. У Гомелі прайшло пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама

Як расказаў начальнік абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Васілій Зубец, у перыяд летняй аздараўленчай кампаніі ў рэгіёне плануецца аздаравіць 41 тысячу дзяцей.

З іх звыш 7,5 тысячы паедуць у стацыянарныя загарадныя лагеры, амаль дзве тысячы – у палатачныя кругласутачныя, больш за 31 тысячу непаўналетніх будуць знаходзіцца ў лагерах з дзённым знаходжаннем.

Што тычыцца катэгорый дзяцей, то каля 11 тысяч – спартсмены, якія паедуць у спартыўна-аздараўленчыя лагеры, 1600 непаўналетніх аздаровяцца ў лагерах працы і адпачынку. У спісы ўключаны 920 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама 1000 дзяцей-інвалідаў.

Акрамя таго, у летні перыяд каля васьмі тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак у суправаджэнні педагагічных работнікаў устаноў адукацыі будуць накіраваны ў дзіцячыя санаторыі і рэабілітацыйна-аздараўленчыя цэнтры ў складзе арганізаваных груп. Плануецца праца сямі стацыянарных аздараўленчых лагераў і трох на базе санаторных арганізацый.

Зараз поўным ходам ідзе падрыхтоўка да лета: выконваецца добраўпарадкаванне тэрыторый, у належны стан прыводзяцца гульнявыя пляцоўкі. На падрыхтоўку ста-цыянарных лагераў Гомельскай вобласці прадугледжана каля 750 тысяч рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, таксама будуць прыцягвацца сродкі ўласнікаў.

Сёлета на правядзенне аздараўленчай кампаніі з рэспубліканскага бюджету выдзелена больш за сем мільёнаў рублёў, звыш 6,5 мільёна з іх будзе накіравана на змяншэнне кошту пуцёўкі.

Органы ўлады на месцах і ўласнікі лагераў павінны надаць асаблівую ўвагу пытанням бяспекі дзяцей, укамплектаванасці штатаў, у тым ліку медыцынскімі і педагагічнымі работнікамі. Пры гэтым кожнага патэнцыяльнага спецыяліста трэба праверыць на адсутнасць правапарушэнняў, адзначыў Васілій Зубец. Неабходна стварыць умовы для якаснага аказання меддапамогі, выконваць патрабаванні санітарных нормаў і правілаў, супрацьпажарнай бяспекі, арганізаваць кругласутачную ахову.

– Перад суб'ектамі прафілактыкі пастаўлена задача: максімальна забяспечыць карысную занятасць непаўналетніх. У раёнах трэба якасна адрабіць усе моманты, якія датычацца аздараўлення, не забываць пра бяспеку дзяцей, – падкрэсліў старшыня камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама, намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў. – Лагеры павінны ва ўстаноўленыя тэрміны прыняць дзяцей, забяспечыўшы нармальныя ўмовы для пражывання, харчавання, адпачынку. Летам увагу неабходна надаць і працоўнай аплатнай занятасці, даць падлетку магчымасць зарабіць у студатрадах, лагерах працы і адпачынку, сэрвісных атрадах, пры індывідуальным працаўладкаванні.